ВКЛЮЧИТЕ УВЕДОМЛЕНИЯ
ВКЛЮЧИТЕ УВЕДОМЛЕНИЯ
Back To Top Back To Top

Анхела Эспiноса: «Каб пачаць цаніць сваё, беларусам патрэбны добрыя словы ад чужынца»

Анхела Эспiноса: «Каб пачаць цаніць сваё, беларусам патрэбны добрыя словы ад чужынца»
ОПУБЛИКОВАНО — 12.11.2018
ПОДЕЛИЛИСЬ — 5
ПРОЧИТАЛИ — 1611
КОММЕНТАРИИ — 0

Аднойчы Анхела Эспiноса Руiз, iспанская дзяўчынка, закахалася ў беларускую мову — ды так, што ўзяла i вывучыла яе. Цяпер Анхела пiша на беларускай вершы i робiць пераклады Максiма Багдановiча на iспанскую. Дзяўчына расказала Kvadrat.io, чаму валоданне беларускай мовай — гэта вельмi карысны бонус для любога чалавека, якiя ў беларусаў ёсць агульнанацыянальныя комплексы i за якi беларускi футбольны клуб яна заўзее.


«Я гаварыла з люстэркам, каб чысціць сваю фанетыку па-беларуску»


— Як так здарылася, что ты стала вывучаць беларускую мову? Колькi часу ты затрацiла на гэта?

Па-першае, час не затрачаны — гэта была інвестыцыя. Валоданне беларускай мовай аказалася надзвычай каштоўнай здольнасцю ў маім жыцці. Як філолаг, як літаратар і як чалавек, магу сказаць, што я б не развівалася такім чынам, калі б не вывучыла беларускую мову. Наконт пытання часу, гэта залежыць ад таго, як мы разумеем паняцце «валодання мовай». Я магла падтрымліваць прымітыўную размову і праз месяц, але пачала размаўляць свабодна ўжо крыху пазней (прыкладна праз пяць ці шэсць месяцаў), як і пісаць вершы (напэўна, ужо праз год).

— Ты палiглот. Цi ёсць у цябе нейкiя парады для людзей, якiя хочуць вывучыць новую мову? Можа, у цябе ёсць свая методыка?

Я б хацела, бо тады магла б яе запісаць і стаць мільянерам. Нямала хто з маіх знаёмых, сваякоў і сяброў, стараўся «рабіць тое, што робіш ты, Анхела», каб вывучыць розныя мовы. І, натуральна, тое, што дзейнічае на мяне, для іх абсалютна не працуе — кожны чалавек мае свой асабісты стыль навучання. Таму няма ўніверсальных рэцэптаў для вывучэння замежнай мовы. Я імкнуся шукаць доступ да максімальнай колькасці сапраўдных матэрыялаў і жывой практыкі. Чараўніцтва не бывае: гэта праца, праца і яшчэ раз праца над сабой. Я вунь гаварыла з люстэркам, каб чысціць сваю фанетыку па-беларуску. А, праўда, нешта агульнае ёсць: я кожны раз імкнуся пісаць паэзію на кожнай новай мове, якую вывучаю, калі даходжу да пэўнага ўзроўню валодання. Мяркую, пісанне лірычных твораў дае асаблівае разуменне, альбо лепш, адчуванне мовы, якога амаль немагчыма дасягнуць іншымі шляхамі. Але і гэта, падазраю, не для ўсіх.

— Ты пiсала: «Я ведаю больш за дзясятку моваў. Кожны раз, калі пераходжу на іншую мову, у мяне змяняюцца голас, жэсты і нават крыху характар». Як ты змяняешся, калi размаўляеш па-беларуску?

Мне вельмі цяжка самой сказаць, бо гэтыя змены заўважаюць іншыя людзі, а не я сама. Я заўжды размаўляю, як выходзіць, натуральна, і то сям’я ці сябры, якія бачылі пераходы на розныя мовы, звярнулі на гэта ўвагу.

— Як мова ўплывае на творчасць? Напрыклад, на беларускай хочацца пiсаць вершы, а на iспанскай — авантурныя раманы. Як у цябе?

Я некалькі год пішу выключна па-беларуску, так што лічу сябе, на дадзены момант, аднамоўным аўтарам. Раманы я не пішу, нават авантурныя, хаця ёсць задума для аповесці ў жанры sci-fi. Усё затое па-беларуску.


«Пытаннi беларусаў пра мову сведчаць аб комплексах непатрэбнасці і непаўнавартасці»


— Давай глядзець праўдзе ў вочы: ты размаўляеш на беларускай мове лепш, чым многiя беларусы. На жаль, гэта наша рэчаicнасць. Цi не ўзнiкала ў цябе пачуццё, што вывучэнне беларускай мовы — як вывучэнне латынi: прышпiльна, але на гэтым амаль нiхто не размаўляе?

Гэта вашая праўда, і я паважаю вашае меркаванне, але я бачу рэчаіснасць зусім не так, як тут яна апісаная.

Па-першае, я не гляджу на тое, хто размаўляе «горш», а хто «лепш», не асуджаю людзей за памылкі ці ваганні і радасна вітаю кожную беларускамоўнасць, і нават трасянку. Калі камунікацыя атрымліваецца — гэта акурат галоўнае, а не дасканаласць валодання камунікацыйнага коду і «не сапсаваць вашую прыгожую мову сваімі памылкамі».

Па-другое, калі б ніхто не размаўляў па-беларуску, у Беларусі я б ужо памерла ад голаду, таму што я амаль ніколі не размаўляю ў вашай краіне на іншых мовах. Праўда такая, што фактычна ўсе беларусы маюць, прынамсі, пасіўнае разуменне беларускай мовы. Няважна, на якой мове яны размаўляюць у штодзённасці. Не размаўляць — не тое ж самае, як зусім не валодаць. У мяне не, такога пачуцця ніколі не ўзнікала. Я сяджу тут ужо пяты год, і таму падазраю, што ўжо не ўзнікне.

Затое ўзнікалі і кожны раз узнікаюць пачуцці адчаю, фрустрацыі і глыбокага суму, калі чую пытанне «а няўжо беларуская мова патрэбная ўвогуле?» і варыянты гэтага пытання. У тым ліку «а чаму ты выбрала менавіта беларускую?». Калі чую ад беларусаў — пагатоў засмучваюся: гэта сведчыць аб комплексах непатрэбнасці і непаўнавартасці, аб тым, што беларусы чакаюць добрага слоўца ад чужынца, бы вады ў пустыні, каб хоць задумацца, ці варта пачаць цаніць сваё. І пра мову, і пра літаратуру, і пра людзей, і пра тыя ж дранікі (якія, дарэчы, бясспрэчна смачныя!): пакуль не скажа нейкі кітаец ці амерыканец, ёсць нейкі страх самім цаніць. А дарма: Беларусь — цудоўная краіна, якая заслугоўвае, каб яе цанілі знутры.

Беларуская мова вельмі прыдатная: не толькі дазваляе зацікаўленаму чалавеку атрымаць доступ да пэўных культурных і сацыяльных колаў у Беларусі, у якія немагчыма патрапіць без ведання беларускай мовы, а яшчэ, скажу як славянскі філолаг, яна мае вельмі высокую прапедэўтычную вартасць. чалавеку, які ведае беларускую мову, будзе значна лягчэй разумець і нават вывучыць любую іншую славянскую, чым аднамоўнаму рускамоўнаму чалавеку. Да таго ж, цяперашні рынак патрабуе такіх здолнасцяў, якія адрозніваюць бізнесы (і людзей) ад сотняў іншых. Валоданне беларускай мовай заўжды будзе ісці ў плюс, а не ў мінус. Паўтаруся: час не страчаны.

— Усе мы памятаем паданне пра Вавiлонскую вежу. Як ты лiчыш, цi не раз’ядноўвае людзей шматмоўе? Цi не лепш было б, калi б усе размаўлялi на адной мове? I як ты лiчыш, цi зможа ангельская мова ў будучынi стаць такой адной/адзiнай мовай?

Паданні паданнямі, а сітуацыя, якая ў пытанні ілюструецца, — немагчымая з пункту гледжання лінгвістыкі. «Ці не лепш было б, калі б людзі навучыліся дыхаць пад вадой і будавалі свае гарады там?» Можа, лепш; можа, горш. Ніколі не даведаемся, і дыскусія будзе вечна заставацца на гіпатэтычным узроўні, бо такога проста быць не можа ў прынцыпе. Тое ж з мовамі.

Калі адыйдзем ад легенд і казак, то чаму існуюць розныя мовы? Чалавек мае сваё паходжанне ў маленькіх, нешматлюдных пасёлках Афрыкі, правільна? Чаму тады не захоўваў адну-адзіную мову? А цалкам верагодна, што першапачаткова і захоўваў, цягам некалькіх стагоддзяў. Гэта не відавочны працэс (можна параўноўваць лінгвістычны час з геалагічным, калі хочаце), але натуральныя мовы, якія распаўсюджаныя на дужа вялікай прасторы, з часам разбіваюцца на кавалкі. За пару тысяч гадоў, моўная мапа планеты Зямля будзе выглядаць зусім інакш, чым сёння. Людзі, якія жывуць вельмі далёка адзін ад аднога, атрымліваюць абсалютна адрозны жыццёвы досвед, бачаць зусім адрозныя версіі рэчаіснасці, якая патрабуюць, вядома ж, адрозных спосабаў апісання.

Чаму англійская ці іспанская мова маюць такую вялікую варыяцыю? Бо на іх размаўляюць людзі, якія трымаюцца абсалютна нават супрацьлеглых ладаў жыцця. Калі, назавем іх так, «вялікая» мова — маналітная, і амаль усе яе носьбіты размаўляюць аднолькава — гэта не вынік натуральных лінгвістычных працэсаў, а жорсткай моўнай палітыкі, і звычайна яны пратрымліваюцца вельмі мала часу (лінгвістычнага часу, разумеецца).

Наконт сусветнай камунікацыі і як яе зрабіць лягчэйшай, я, асабіста, бачу два варыянты:

  1. Тэхналагічнае развіццё. Калі коратка, зрабіць так, каб сапраўднае, невіртуальнае жыццё было з субтытрамі.
  2. Планавыя/штучныя мовы. Можа быць, вы чулі пра эсперанта. Гэта моўная сістэма, якую прыдумаў беластоцкі акуліст Людвік Заменгоф, з думкамі пра стварэнне ўніверсальнай мовы камунікацыі, якая будзе лёгкай для вывучэння і справядлівай для ўсіх яе карыстальнікаў. Я сама пачала яе вывучаць амаль два тыдні таму, магу пацвердзіць, што яна вельмі простая. Ведаеце, чым адрозніваецца задума сусветнай камунікацыі доктара Заменгофа ад звычайнага моўнага каланіялізму, які мы бачылі столькі разоў цягам гісторыі чалавецтва? Эсперанта, паводле філасофіі яе стварэння, не прадумана дзеля таго, каб замяніць іншыя мовы і знішчыць іх, а проста павінна стаць другой мовай пасля роднай мовы карыстальнікаў. Як казала раней, я рамантык і ідэаліст, і стаўлюся дужа лаяльна акурат да такой задумы.

— Колькi дзён таму ў iнтэрнэце з’явiлася iнфармацыя пра дэтэктыў, напicаны на трасянцы. Як ты ставiшся да такой гульнi, да такiх эксперыментаў з мовай?

Стаўлюся, адназначна, пазітыўна. Трасянка — вельмі цікавая інтэрлінгва. Яна — вынік кантакту паміж беларускай і рускай мовамі. Гэта суседнія мовы і, нават калі б сітуацыя была іншай і Беларусь была б цалкам беларускамоўная, у памежжы быў бы кантакт, была б усё адно інтэрферэнцыя. На так званым Spanglish выйшаў пераклад Кіхота, пішуць ужо арыгінальныя раманы ў ЗША. Чым жа нашая трасянка горшая? Я ўжо прачытала пару раздзелаў, і гэта выглядае дужа цікава з лінгвістычнага пункту гледжання — цікава аналізаваць, як аўтарка «рэгулярызавала» трасянку, як з правапісам справілася. Вядома ж, гэта не літаратурная норма, але наватарскія падыходы да літаратуры (ў тым ліку моўныя гульні) не толькі маюць права на існаванне — яны патрэбныя, і з’яўляюцца знакам таго, што гаворкі жывыя.


«Як бы Максім Багдановіч перадаў гэта, калі б быў іспанцам?»


— 14 лiстапада ты прыедзеш у Беларусь. З якой нагоды? Да сяброў цi па нейкiх сур’ёзных пытаннях?

З сябрамі, безумоўна, я сустрэнуся, але фармальна прыяжджаю на ІІ Міжнародную навуковую канферэнцыю «Беларуская мова, літаратура, культура і свет: праблемы рэпрэзентацыі», якая адбудзецца 15-16 лістапада ў Мінскім Дзяржаўным Лінгвістычным Універсітэце. Калі мой рэферат будзе пацверджаны, я раскажу пра праблематыку ўспрымання перакладаў Максіма Багдановіча ў Іспаніі.

— Што самае цяжкае для цябе ў перакладзе (як працэсе)? Чаму ты перакладала менавiта Максiма Багдановiча?

Для перакладу я стаўлю сабе дзве задачы: па-першае, злавіць «сутнасць» літаратурнага твору і адаптаваць яго (напрыклад: «як бы Максім Багдановіч перадаў гэтую мастацкую задуму, калі б ён быў іспанамоўным пісьменнікам?»). Па-другое, знайсці раўнавагу паміж формай і сэнсам. Трэба старацца захоўваць арыгінальную форму твораў, асабліва ў паэзіі, але няварта занадта моцна ахвяраваць метафары, вобразы, ані, пагатоў, сэнс вершаў. Самае цяжкае (але і самае цікавае), напэўна — калі трапляецца дасканалы прыклад так званых цвёрдых форм паэзіі. «Санет» Максіма Багдановіча я перакладала цэлыя дзве гадзіны, бо першыя дзве страфы задаюць пытанне метафарамі, а апошнія дзве — тлумачаць значэнне. Гэта дасканалы санет, і паводле формы, і паводле зместу, так што я імкнулася перакласці як мага бліжэй да арыгінальнага тэксту.

— Якiх беларускiх аўтараў чытаеш? У тым лiку сучасных?

Я беларускі філолаг, так што чытаю ўсё, што трапляецца перад вачыма (у тым ліку найнавейшыя тэксты самага маладога пакалення беларускіх аўтараў). Цяпер знаходжуся ў Варшаве. У мяне навуковы стаж тут да снежня, на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Так выйшла, што захварэў прафесар беларускай літаратуры, і я замяняю яго на занятках: вяду гісторыю беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, 20-40-х гадоў ХХ стагоддзя і магістарскі семінар. З тае прычыны апошнім часам перачытвала разам з малодшымі курсамі многія класічныя творы: ад Каятана Марашэўскага да Якуба Коласа. З магістрантамі абмяркоўвалі новыя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай прозе, размаўлялі пра магчымыя магістарскія дысертацыі: хтосьці цікавіцца Іванам Шамякіным, нехта задумваецца, ці не напісаць працу пра Людмілу Рублеўскую альбо Альгерда Бахарэвіча. Імкнуся заўжды быць у курсе літаратурных навін і не забываць пра асновы.

— Ты многа казала пра беларускую лiтаратуру, а як ты ставiшся да рускай лiтаратуры? Што падабаецца?

Шчыра скажу: не магу адарвацца ад гэтага пытання. Яно моцна мяне здзівіла. Я казала шмат пра беларускую літаратуру, бо я да яе належу, як літаратарка, ёй займаюся, як літаратуразнавец і… Ну, вы  беларускі партал і, натуральна, пра яе і спыталі. Чаму цяпер пытаеце пра рускую літаратуру? Чаму не пра літаратуру ЗША, ці пра кітайскую літаратуру, ці пра літаратуру на мове суахілі (шыкоўная мова, не прапускайце)? Адкуль такая ўпэўненасць, што я буду ведаць рускую літаратуру і мець нейкае сталўленне, пазітыўнае ці негатыўнае, да яе? Я да рускай літаратуры… Прабачце, якім бокам? Магла нешта чытаць, бо ўсё ж літаратурны задрот, а магла і ўвогуле не чытаць. Яна ў Іспаніі непапулярная абсалютна. Не ўсе ведаюць прозвішчы «Дастаеўскі» ці «Талстой», гэта ў народзе гучыць нават мудрагеліста. Не для вялікай аўдыторыі зусім. Спыталі б пра іспанскую літаратуру, я б прыдумала прыгожы адказ, бо ў школе ж чытала, сто адсоткаў. Даведаліся б, што пасля «Кіхота» і Лоркі ёсць жыццё. Я хоць неяк звязаная з гэтай літаратурай. А тут ніякіх сувязяў няма, не?

— Цi збiраешся ты выдаць яшчэ кнiгi? Як з натхненнем? На якiх мовах ты пiшаш?

Пішу толькі па-беларуску (прынамсі, на дадзеным этапе, так бы мовіць, творчасці), а друкавацца буду заўжды, пакуль не надакучу беларусаў і будуць прымаць мае тэксты. Ці да дня маёй смерці, калі пашанцуе. У мяне рыхтуецца зборнік, ён у дызайнера цяпер. Будзе называцца «Бяскрылле ў вялікім горадзе».

— Пра што гэтыя вершы? I на якой яны мове?

Натуральна, на беларускай. Гэта вершы за 2017 год і першую палову 2018 года. Пладавіты перыяд у творчасці, але цяжкі з чалавечага, жыццёвага пункту гледжання. У мяне быў вельмі кепскі год, поўны няпэўнасці, суму, самоты. Бяскрылле сімвалізуе якраз знямогу, якую я адчувала, але і тую надзею, якая намякае на тое, што крылы могуць зноў вырасці са спіны, што я магу ўзляцець зноў і дакрануцца да сонца, да шчасця, хоць на мімалётную, слаўную сэкунду.

— Як ты ставiшся да наўмыснага скажэння арыгiнальнага тэксту пры перакладзе дзеля, скажам, лепшага фанетычнага гучання?

У прозе, натуральна, такое недапушчальна, бо ў ёй пераважае сэнс, нарацыя (калі гэта наратыўны жанр). Пры перакладзе паэзіі заўжды губляюцца пэўныя клеткі значэння, некаторыя вобразы змяняюцца, бо лірычныя творы будаваныя і на фанетычных асаблівасцях мовы, на якой яны напісаныя, і гульні слоў: мілагучныя спалучэнні гукаў і агульная меладычнасць маюць аднолькавую вагу ў тэксце, як і яго сэнс. Мне здаецца, заўжды трэба імкнуцца знайсці нейкую раўнавагу.

— Колькi разоў ты была ў Беларусi? Цi ёсць у цябе любiмыя мясцiны тут?

Мне цяжка будзе палічыць, колькі разоў. Каля дзесяці, напэўна. Я люблю ўсё: і шэры праспект, і зялёны аграгарадок улетку, і стары Полацк, і пяшчотнае Гродна, і лес ля дарогі, і вечнае неба нада мной.


«Я заўжды застаюся моўным задротам»


— Што, акрамя моў, цябе натхняе ў жыццi? Чым займаешся ў вольны час, якiя ў цябе ёсць хобi?

Я, натуральна, заўжды застаюся моўным задротам, і гэта вялікая частка майго жыцця. Я б нават сказала, што мовы — непадзельная частка маёй ідэнтычнасці як асобы. Затое варта ўдакладніць, што я не прафесійны мовазнавец, а літаратуразнавец, і цяпер пішу дысертацыі па беларускай літаратуры, як раней узгадвала.

Адна з галоўных прычын, чаму я так люблю вывучаць розныя мовы — тое, што яны даюць доступ да розных культур, літаратур, светаўспрыманняў. З дзяцінства люблю кнігі, навучылася чытаць наперакор маме, якая хацела пачакаць да школы. Гэта, дарэчы, было дзякуючы кампутару, які стаяў у бацькавым пакоі ў дзевяностых: каб карыстацца ім, трэба было пісаць каманды ўручную, і я такім чынам вывучыла альфавіт. Верагодна, у тым ліку і таму, я дужа люблю кампутары, падабаецца вучыцца ўжываць новыя праграмы, абажаю кампутарныя гульні, асабліва ў жанрах graphic adventure, RPG, а таксама візуальныя навелы. Агулам, я лічу кампутарныя гульні новым літаратурным жанрам (вялікім жанрам, як паэзія, проза ці драматургія), гэта маё прафесійнае, літаратуразнаўчае меркаванне.

У сувязі з гэтым самым, і з сямейнымі асаблівасцямі, я дужа люблю кіно і сэрыялы. Мой бацька — апантанны кінаман, у каго стаяла вялізарная калекцыя фільмаў у фармаце VHS, іх было каля 2000 (цяпер іх больш, але амаль усе ўжо дыгіталізаваныя). Тата паказваў мне найлепшае, на яго думку, кіно, а потым мы пераселі і на сэрыялы. Мяркую, цяпер ідзе іх залатая эпоха, пастаянна выходзяць неверагодныя шматсэрыйныя аўдыявізуальныя творы.

Як вы ведаеце, я не толькі тэарэтычна займаюся літаратурай, а і практычна: вершы, апавяданні, літаратурныя пераклады, выступы і прэзентацыі, літаратурная крытыка, публікацыі. У мяне ёсць і свая асабістая калонка, якая выходзіць штомесяц, у часопісе «Маладосць». Я ўжо два гады пішу гэтыя тэксты, ганаруся тым, што мне далі голас, каб выказвацца ў важных для мяне пытаннях.

У дадатку да таго, у мяне яшчэ дзесяцігадовая музычная адукацыя. Я скончыла музычную школу, граю на піяніна, крыху на скрыпцы і на гітары, спяваю. Вось вам цікавостка: калі вучылася ў Варшаўскім універсітэце на магістратуры, я ўзяла сабе факультатыўны прадмет па традыцыйных спевах Падляшша, навучылася спяваць фальклорныя песні з таго рэгіёну. Музыка — мая другая жарсць, пасля філалагічных навук. У мяне былі нават заняткі па джазу, люблю пісаць свае музычныя творы, аранжыроўкі, выступаць на канцэртах, калі магу. Абажаю музычны аналіз: у мяне дасканалы слых (ад таго ж бацькі і дастаўся), і я амаль заўжды аналізую музыку на ходзе, калі слухаю. Для мяне гэта суцэльная эстэтычная асалода.

Дарэчы, ці я казала, што я — аматарка футбола? Ні ў якім разе не эксперт, але глядзець на прыгожую гульню люблю, за міжнарожнымі першынствамі амаль заўжды сачу. У Беларусі заўзею за клуб «Старт» (ён жа «ФК Орша», гуляе ў першай лізе), напісала ім новы гімн, музыку і тэкст па-беларуску.

— Цi быў у цябе калi-небудзь хлопец-беларус? Калi так, то якiя адрозненнi памiж iспанскiмi i беларускiмi мужчынамi? Цi «ўсе аднолькавыя»?:-)

Вы так і не пыталіся, ці быў у мяне хлопец-іспанец. Не было, так што не магу адрозніваць. Да таго ж, кожны чалавек унікальны, без уліку нацыянальнасці. Гэта апошняе пытанне, якое мяне магло б хваляваць, калі б я шукала сабе хлопца. «Усе аднолькавыя» — сэксістоўнае і крыўднае для мужчын абагульненне. Кожны з iх у першую чаргу чалавек. Асоба. Са сваім жыццёвым шляхам, комплексамі, перажываннямі і дасягненнямі, са сваёй складанай і шматграннай гісторыяй.

Яшчэ мушу сказаць, што пытанне пахне, зноў жа, комплексамі. «Трэба параўноўваць беларускіх мужчын з іншымі, даведацца, у чым нашыя лепшыя. Напэўна, гэтыя еўрапейскія талерасты не адчыняюць дзверы перад жанчынамі, давайце бамбіць беларусам гэтым, каб яны адчувалі сябе лепш». Выбачайце, але я не гуляю ў гульню нацыянальных стэрэатыпаў. Кожны чалавек — космас, і сусвет ствараецца з перасячэння гэтых космасаў між сабой. Кожная сустрэча — асаблівая і каштоўная тым, што яна ўнікальная, няважна, якога колеру скура чалавека, на якой мове ён размаўляе, і мужчына гэта, ці жанчына.

— А цi шмат у цябе сяброў сярод беларусаў?

Мяркую, што многа сяброў не бывае — нячаста можна дапускаць чалавека настолькі блізка да сэрца, каб называць яго «сябрам». Затое магу сказаць, што некаторыя з маіх найлепшых сяброў — з Беларусі, і што добрых знаёмых у Беларусі маю безліч. Мне пашанцавала.

— Якiя ў цябе мары?

Многія, ды самыя розныя, бо я рамантык і ідэаліст. Галоўная — каб мы ўсе навучыліся бачыць у чалавеку чалавека, нягледзячы на індывідуальныя асаблівасці кожнага.

 

P. S. Калi вы жадаеце палепшыць сваё валоданне беларускай мовай, звяртайцеся ў «Мова Нанова», «Моваведа», «Цэнтр славянскiх моў i культур» альбо «City Lingva».

У Instagram новае беларускае слова кожны дзень можна вывучыць разам з @belarusian_language.

Комментарии — 0
Мы в социальных сетях
БОДРАЯ ЕЖЕНЕДЕЛЬНАЯ РАССЫЛКА
Читайте также: